пераключальны элемент з некалькімі ўваходамі і адным выхадам, выхадны сігнал якога выяўляецца толькі пры наяўнасці ўсіх уваходных сігналаў. Выконвае аперацыю лагічнага множання (кан’юнкцыю). Вырабляецца на паўправадніковых дыёдах, транзістарах ці інтэгральных схемах. Асн. параметры: раздзяляльны час (найб. часавы зрух паміж уваходнымі сігналамі, пры якім яны ўспрымаюцца як адначасовыя), адчувальнасць, перыяд мёртвага часу (інтэрвал паміж паслядоўнымі спрацоўваннямі С.с.). Выкарыстоўваецца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы, радыётэхн. апаратуры. ядз. фізіцы (напр., супадзенняў метад) і інш.
Супадзенняў схема на транзістарах: Rн — агульная нагрузка; R — рэзістары і C — кандэнсатары ў ланцугах зрушэння; T1—Tn — транзістары.